Oct. 29th, 2015

dzienn: (Ja. "default")


Не магу не запісаць. Паспрабаваць апісаць.
Неба над Бабруйскам часта чароўнае — але ўчорашняя раніца вылучаецца й на фоне найцудоўнага.
Мягка блакітнае неба над галавой. Ужо ўстала сонца і сьветла стала — а на захадзе вялікі сакавіта-белы Месяц плыве сярод рэдкіх сізых хмарак. Настолькі яркі й так блішчыць!! На поўначы клубяцца вялізныя сьвінцовыя хмары. На ўсходзе творыцца проста нешта неймавернае. Хмаркі шэра-блакітныя, "колеру сухога асфальту", грувасьцяцца пластамі, і ніз кожнага слою проста палае! Да барвовага! А празь некалькі хвілін полымя крыху сьвятлее, хмаркі крыху разыходзяцца, прапускаючы нябесны блакіт... яшчэ празь некалькі сонечная падсьветка ружавее, хмаркі танчэюць і сьвятлеюць... І вось яны ўжо жоўта-блакітныя.

А ты стаіш пасярод зялёнай паляны ў персікавым промні, азіраешся вакол — і ня думаеш пра мароз. Толькі гэтую Прыгажосьць заўважаеш, толькі пра яе й думаеш, і як бы ёю падзяліцца.


А сёньня неба зусім бяз хмар, плаўна перацякае ад ружовага да блакітнага, і Месяц крыху вышэй і значна меншы, але гэткі ж сакавіта бліскучы. І таксама файна.   Але з хмаркамі лепш.


Page generated Aug. 18th, 2025 11:34 am
Powered by Dreamwidth Studios