Што гэта было ўчора
Oct. 30th, 2013 12:21 pmкалі хто так і не зразумеў, куды й чаго народ хадзіў сьвечкі паліў, на мянтоў нарываўся. калі каму пофіг.
Ня здарылася б гэтай кастрычніцкай ночы — цяпер усё магло б быць інакш. З мовай, зь літаратурай, са сьвядомасьцю і падсьвядомасьцю, з памяцьцю — нават з клятым кніжным рынкам, у адсутнасьць якога даўно ўпіраюцца ўсе размовы пра беларускае кнігавыданьне. Магчыма, нават твары ў беларусаў былі б іншыя. І пагляды. І выразы вуснаў. І ўзровень пакоры ў патыліцах.
Мы ўсе былі б цяпер іншыя, пісалі б інакш, інакш чыталі б і гаварылі — і крыху іншай была б краіна.
Са ста трох чалавек, прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты, асуджаных да сьмерці, у тую ноч была расстраляная большасьць. На другі дзень расстралялі яшчэ больш за трыццаць чалавек. Усяго тая восень зрабілася апошняй для шасьцісот дзеячоў. Было рэпрэсавана 90% літаратараў, кожны трэці настаўнік, амаль кожны сьвятар і кіраўнік буйнога прадпрыемства.
Міхась Чарот, Тодар Кляшторны, Алесь Дудар, Ізі Харык, Юрка Лявонны, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Юлі Таўбін, Янка Нёманскі, Валеры Маракоў, Масей Кульбак — і дзясяткі іншых. Людзям, якія сьмяюцца з убоства беларускай літаратуры, варта было б пазнаёміцца з гэтымі імёнамі і з гэтымі біяграфіямі — а там, можа, і ржаць расхочацца. Глебка ды Броўка — гэта вынік, а не прычына.
...
Эліты былі зьнішчаныя. Ім на зьмену прыйшлі прыстасаванцы і канфармісты. Тыя, у каго страх быў ужо ў клетках. Хто душыў здольнасьць думаць адным элегантным рухам задніцы. Ім і давялося ствараць новую культуру. Наступствы адчуваюцца ва ўсім. Слугі і лёкаі не ствараюць мастацтва.
Калі ў дзевяностых наракалі на тое, што беларуская культура нецікавая, калгасная, што адстаем, што не ўрубаемся, што неактуальныя; калі акадэмікамі дагэтуль завуцца людзі, якія два словы зьвязаць ня могуць; калі начальнікі розных узроўняў сінеюць і лопаюцца ад любога, нават найменшага інтэлектуальнага намаганьня; калі крытыкі ў незалежных выданьнях брэшуць і пырскаюць сьлінай, падпісваючы прысуды аўтарам і патрабуючы цэнзураваць, забараняць, затыкаць, а лепш вешаць на асіне тых, хто ім не даспадобы — гэта ўсё тая ноч рагоча нам у сьпіну.
І гэта выклік.
(с)Бахарэвіч, са Свабоды