May. 8th, 2010

dzienn: (Give Peace a chanse)

прыватныя навіны потым

Я не нашу "георгіевскую ленточку". Не падабаецца афіцыёзная прапагандысцкая шуміха.
Я не заклікаю яе не насіць. Пры ўсіх складанасьцях і супярэчнасьцях той гісторыі - нічога антыбеларускага ў Дне Перамогі няма.
(Каб яшчэ на 25 сакавіка ўсе бел-чырвона-белыя стужкі насілі.. на 29 кастрычніка - чорныя..)
Я не магу ў голас славіць "победу Красной Армии" - я ведаю якім коштам часта перамогі здабываліся, і пра тое што гэта была і перамога сталінізму над гітлерызмам, не забываюся.
Я не магу ганьбіць гэтае сьвята, ігнараваць яго і выступаць супраць. Гэта было Сьвята маіх родных.

Адна мая бабуля прайшла ад Сталінграду да Вены - і выжыла.
Другая мая бабуля пакутвала ад фашыстаў і партызанаў у акупаванай Беларусі - і выжыла.
Адзін мой дзед гарэў у танку ў Курляндыі - і выжыў.
Другі - ў самалёце над Польшчай, і потым вяртаўся пешшу на Ўсход, выжыў.
У адваротным кірунку, падазраю, пайшоў у 44м мой прадзед, бо быў паліцаем - ня ведаю ці выжыў.
Далёкі родзіч ягонай жонкі, маёй прабабулі (хаця можа й аднафамілец) стаіць у Трэптаў-парку...

Што вы ад мяне хочаце?.. Для ўсіх іх гэты дзень быў Сьвятам.
Бо Скончылася Вайна.
Канец вайны - заўсёды Сьвята.



Page generated Aug. 15th, 2025 10:02 am
Powered by Dreamwidth Studios