"Дзедушка Малоз! Я цібя люблю!" ...
Dec. 24th, 2007 02:45 amМы зноў зрабілі гэта.
Дарма я перажываў з-за спантанных і праблемных рэпэтыцый (о, гэты гучны множны лік ;) ) Усё нармальна атрымалася. Ня ведаю як астатнія, а мы са Сьнягуркай ўмудрыліся на словы не забыцца :) Хаця маглі трошкі й забывацца - усё роўна дзеці часта так галдзелі што мала што маглі пачуць :)
І добра. Дзецям галоўнае - што да іх нехта прыехаў, ды яшчэ й казку прывез.
А калі... як нас назваць-та?.. пэрсанажы пару словаў забудуцца, малечы ня толькі не заўважаць, але й даруюць.
"Як жа вас запісаць?" - у чарговы раз пыталася выхавацелька. - Нам для справаздачы трэба ўказаць, хто прыехаў." "Схватка..." "... Як?.. Проста так?" "Ну так... Напішэце - "(Маладзёвы) Экстрэмальны праект "Схватка"." Сапраўды, што ж тут яшчэ напішаш.
Пад час прагону я зразумеў, што Дзед Мароз мусіць зьяўляцца не з-за агульнай шырмы - празрыстай фіранкі, а з дальніх дзьвярэй. Таму калі сказалі што зараз запусьцяць у залю дзетак, хуценька выбег праз тыя дзьверы ў калідорчык. І ледзь сур'ёзна не папаліўся. ( ... )
Пакуль стаяў чакаў свайго выхаду, ня столькі прыслухоўваўся да таго што адбываецца, колькі да сваіх пачуцьцяў. ( Гэта ж трэба ж... Цяпер ты - Дзед Мароз. )
І вось - выхад. Я ж памятаў як сам сустракаў Дзеда Мароза (хаця й слаба памятаю, калі верыў што на ранішніках ён - сапраўдны), як віталі яго іншыя дзеці. Але такога не чакаў.
Малечы высыпалі амаль усе да мяне, кожны жадаў дакрануцца, кожны крычаў "Здраствуй, Дзедушка Мароз!", "Прівет!", "А падаркі будуць?" Многія ўчапіліся ў шубу ці хаця б посах - "Я за палку падержусь!" - і доўга-доўга не адпускалі. Адзін хлопчык сказаў: "А Вы настаясьцій Дзед Мароз! З барадой!" І тут жа дзяўчынка - вельмі проста, спакойна й вельмі шчыра:
"Дзедушка Малоз! Я цібя люблю!"
...Добра што на мне была куча гэтых барод.
Я імгненна адказаў: "І я цябе люблю!" і прытуліў яе да сябе - і добра што яна не бычыла, як "Дзед Мароз" у гэты момант выглядае...
Усё прайшло нармальна. Карыстаючыся дзіцячым шумам-гоманам мы са Сьнягуркай маглі перамаўляцца, нагадваць адно аднаму што й як далей рабіць, тое ж зь іншымі нашымі "жывёлкамі". Дзеткі з задавальненьнем гуляліся ў розныя гульні, вадзілі карагоды, хавалі свае носікі ад марозу і нацягвалі паралонавыя. :)
І толькі калі ўсё скончылася, мы заўважылі што неяк выпаў, забыўся яшчэ адзін выхад "Лісы" :) Да ладна - і так усё зацягнулася.
Усе малайцы. На гэта раз нас было куды больш чым у першы раз (пры тым што двое зь першай каманды не змаглі). Усім ДЗЯКУЙ!!!
(І ня трэба, Стася :) - я ж бачыў, што дзеці й з вамі з задавальненьнем гулялі, пад канец ня беглі ўжо ўсе да Дзеда, а былі радыя й зайчыку, й сьняжынцы, і лісе й мышцы, і вядзьмедзіку й Сьнягурцы. :)) )
На гэты раз візыт у дзіцячы дом (мне) прайшоў лягчэй чым у першы раз. Але дагэтуль цяжка ўзгадваць пра гэта бязь сьлёз.
Значыць, мы зрабілі сапраўды Добрую справу...