Apr. 23rd, 2007

dzienn: (Default)

МЫ — ПАКАЛЕНЬНЕ “Ы!”, альбо ПОСТТУТЭЙШЫЯ

– Якую асацыяцыю ў вас выклікае слова “балота?”
– Бацькаўшчына.
Мой адказ на лекцыі па культуралогіі.


Мы – пакаленьне “Ы!”
Мы – мікс усіх легендаў,
у нас агульны гендэр —
мы пакаленьне “Ы!”.

Кумір адзін пазаўтра —
тутэйшы Бульбазаўра.

Мы сімулякр-дзярЖЖава,
ў якой на гербе ЖЖаба.

Адзіны наш сымболь —
постіранічны боль.

Мы сьпім па тры гадзіны,
ў кішэнях носім міны.
Мы — людзі зь белай гліны
й з чырвнонага віна.
Ня наша ў тым віна.

Мы больш не касманаўты,
мы – дзюрачкі ад нафты.
Гісторыі рэмэйк.
Давайце ўрэшце make!

Мы — выбарчыя тэзы,
Тэзэі і пратэзы.
Алюзіі на тэксты.
Джудовыя пратэсты.

Мы пакаленне Ы!
Мы — homo posttutejshy.
Мы — эўрапейскасьць гейшы.
Кожны чацьверты — першы,
бо нас ратуюць вершы.
Мы пакаленне Ы!

Князі і ваўкалакі —
даецца Крыўя ў знакі.
Паэты-неба-ракі.
Арфеі-Вылівахі.

Мы ўнукі Белабога
ды Езуса трывога.
Глядзім у бездань неба
і робіцца ганебна.

Мы нашыя імёны
запосьцім у пісьмёны.

Наш час ушчэнт стамлёны,
дзіцячы і шалёны.

Вясною абвастрэньні
у нашым пакаленьні.

Мы пакаленьне “Ы!”:
мы ўнукі даваенных,
мы дзеці скрозь савецкіх.
Ды ўсе мы прагнем зьменаў —
ня рымскіх, не нямецкіх —
а проста ўдупель вольных,
пэрфэктных і няўмольных.

Мы дома — у тры ломкі.
Мы — лабухі-нязломкі.

Мы пакаленьне “Ы!”:
мы – новыя эліты
забітай паспаліты.
Стваральнікі і міты,
мы матамі пакрыты.

Мы пакаленьне “Ы!”:
мы — дрыгавіцкі драйф,
мы ўсе — ліцьвінскі лайф,
мы ўсе — крывіцкі кайф.
Мы пакаленьне “Ы!”

Page generated Sep. 30th, 2025 03:08 am
Powered by Dreamwidth Studios